Да увагі СМІ! Прэзентацыя паштовых блокаў, прысвечаных Алімпіядзе і Паралімпіядзе ў Рыа-2016

Прэзентацыя паштовых блокаў «Медалісты Гульняў ХXXI Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра» і «Медалісты XV летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра» адбудзецца 30 лістапада ў штаб-кватэры НАК Беларусі.

marka noc 28 11 2016

30 лістапада 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовыя блокі, прысвечаныя Алімпійскім і Паралімпійскім гульням у Рыа-2016.

marka noc 28 11 2016 1

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь і Паралімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь.

Прэзентацыя адбудзецца 30 лістапада ў 16.00 ў штаб-кватэры НАК Беларусі (5-ы паверх, Зала Алімпійскай славы). Плануецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага алімпійскага камітэту, Паралімпійскага камітэту, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, РУП «Белпошта», выдавецкага цэнтру «Марка», федэрацый і саюзаў па відах спорту, трэнеры, спартсмены і запрошаныя асобы, у тым ліку:

- першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў;

- першы намеснік міністра спорту і турызму, шэф місіі на Алімпіядзе-2016 Аляксандр Гагіеў;

- першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шэдко;

- генеральны сакратар Паралімпійскага камітэту Мікалай Шудзейка;

- алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў, медалісты Алімпіяды-2016 Дар’я Наумава і Вадзім Стральцоў (абодва - цяжкая атлетыка), Марыя Мамашук (барацьба жаночая), Джавід Гамзатаў (барацьба грэка-рымская), Аляксандра Герасіменя (плаванне), Маргарыта Махнева, (веславанне на байдарках, чацвёрка);

- чэмпіёны Паралімпіяды-2016 Ігар Бокі і Уладзімір Ізотаў (плаванне), Андрэй Праневіч (фехтаванне на калясках) і прызёр Гульняў Аляксандр Трыпуць (кіданне кап’я).

Удзельнікі мерапрыемства стануць не толькі сведкамі цырымоніі афіцыйнага гашэння цяперашняга паштовага праекта, але і змогуць убачыць экспазіцыю мастацкіх паштовых марак на алімпійскую тэматыку, выпушчаных у абарачэнне раней.

Таксама ў рамках мерапрыемства адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Будзь разам з камандай!”, прыняць удзел у якім мог кожны. Заўзятары павінны былі напісаць пажаданні беларускай камандзе на ХХХІ летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа і даслаць фатаграфію (на якой трэба было трымаць у руках таблічкі з хэштэгамі # nocbelarus # TeamBelarus # roadtorio2016).

Усяго на разгляд было пададзена больш за 200 заявак з усёй рэспублікі.

Лепшыя фатаграфіі кандыдатаў з пажаданнямі былі адабраны журы, а раздрукаваныя працы дастаўлены ў штаб беларускай дэлегацыі ў алімпійскай вёсцы ў Рыа-дэ-Жанейра, дзе за іх галасавалі алімпійцы.

Па выніках галасавання вызначаны пераможца - Ілля Воўчак. Спецыяльнымі прызамі будуць адзначаны: Піліп Сцепаненка, Мікіта Прымачэнка, Андрэй і Канстанцін Бруснёвы.

Да ўвагі СМІ:

Просім абавязкова пацвердзіць свой удзел у мерапрыемстве да 30.11.2016 г. (да 12.00):

Начальнік упраўлення маркетынгу і інфармацыі-саветнік Настасся Марыніна

тэл. +375 17 309 25 06

факс. + 375 17 309 25 37

моб. +375 29 390 82 76

E-mail: marynina@mail.ru, maryninablr@gmail.com

Пераканаўчая просьба прыбыць у НАК Беларусі да 15.45!

Стыль адзення – дзелавы.

Даведка:

Паштовы блок «Медалісты Гульняў XXXI Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра».

30 лістапада 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Медалісты Гульняў XXXI Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра».

Дызайн А.Мядзведзь.

Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

Выкарыстаныя фотаздымкі журналістаў, акрэдытаваных на Алімпійскіх гульнях у Рыа-2016: Настасся Марыніна і Аляксандр Семяняка (НАК Беларусі), Андрэй Пакумейка (БЕЛТА).

Гульні ХХХI Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра (Федэратыўная Рэспубліка Бразілія) праходзілі з 5 па 21 жніўня 2016 года. Больш за 11 000 спартсменаў з 208 краін прынялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях, якія ўпершыню адбыліся ў Паўднёвай Амерыцы. Спаборніцтвы прайшлі па 38 відах спорту. Падчас спаборніцтваў было разыграна 306 камплектаў медалёў.

У Алімпіядзе прынялі ўдзел 123 беларускіх спартсмена ў 23 відах.

Залаты медаль заваяваў Уладзіслаў Ганчароў (скачкі на батуце).

Сярэбранымі прызёрамі сталі: Дар'я Наумава (цяжкая атлетыка, да 75 кг), Вадзім Стральцоў (цяжкая атлетыка, 105 кг), Марыя Мамашук (барацьба жаночая, 63 кг), Іван Ціхан (лёгкая атлетыка, кіданне молата).

Бронзавыя медалі ў Джавіда Гамзатава (барацьба грэка-рымская, 85 кг), Аляксандры Герасімені (плаванне, вольны стыль, 50 м), Маргарыты Махневай, Надзеі Ляпешка, Вольгі Худзенка і Марыны Літвінчук (веславанне на байдарках, чацвёрка, 500 м), Ібрагіма Саідава (барацьба вольная, 125 кг).

Блок друкаваўся з эмблемай Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, на канверце «Першы дзень» размешчаны лагатып Гульняў ХХХI Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Паштовы блок «Медалісты XV летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра».

30 лістапада 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Медалісты XV летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра».

Дызайн А.Мядзведзь.

Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

XV летнія Паралімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра (Федэратыўная Рэспубліка Бразілія) праходзілі з 7 па 18 верасня 2016 года. У складзе беларускай дэлегацыі было 20 спартсменаў, якія прынялі ўдзел у 5 відах спорту. Усяго ў скарбонцы Беларусі на Паралімпіядзе-2016 10 медалёў.

Ігар Бокі выйграў 6 залатых і 1 бронзавую ўзнагароду і стаў самым тытулованым спартсменам Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра. Па выніках двух Паралімпіяд (Лондан-2012 і Рыа-2016) на яго рахунку 13 медалёў.

Плавец Уладзімір Ізотаў і фехтавальшчык-калясачнік Андрэй Праневіч заваявалі золата. Бронза на рахунку Аляксандра Трыпуця (кіданне кап’я).

На канверце «Першы дзень» размешчаны лагатып XV летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Паралімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

  28 ноября 2016